Сямейныя чытанні
Сямейныя чытанні
2016 год – год культуры. Культура краіны цесна звязана з кнігай і бібліятэкай. Таму прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці бібліятэкі будуць з’яўляцца прасоўванне кнігі і чытання, лепшых літаратурных твораў, павышэнне цікавасці да чытання і папулярызацыя нацыянальнай кніжнай спадчыны.
З гэтай мэтай Баранавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка правяла сямейныя чытанні, прысвечаныя 220-годдзю з дня нараджэння Яна Чачота.
Супрацоўнікі бібліятэкі і Навамышскага дома культуры завіталі ў дом Ласкутовай Марыны Іванаўны 17 красавіка з кнігамі і хлебам (у беларускай культуры хлеб лічыцца таксама кнігай будучага жыцця).
Хлеб і кніга, вечныя ад веку
На стале ляжаць перада мной,
Пацвярджая мудрасць чалавека
І бясконцасць шчодрасці зямной.
Арганізатар і вядучая Ірына Томарава выказала свае думкі аб чытанні, аб выхаванні любові да кнігі. Жадаючыя члены сям’і Марыны Іванаўны Ласкутовай (маці Акалатовіч Марыя Аляксандраўна, бацька Акалатовіч Іван Балеслававіч, сястра Арловіч Алена Іванаўна, пляменніца Эвяліна, дочкі Вікторыя, Ганна і Яўгенія) таксама падзяліліся сваімі думкамі аб кнізе.
Для сямейнага чытання абралі кнігу “Выбраныя творы” Яна Чачота – першую кнігу залатой бібліятэкі Беларусі, унікальнага шматтомнага выдання ўсяго лепшага, усяго самага важнага, што было створана на беларускай зямлі з пачатку пісьменства і да нашых дзён.
З фальклорна спадчыны Яна Чачота гучалі прыказкі, якія маюць адносіны да дома і дамачадцаў. Загадкі адгадвалі ўсёй сям’ёй, і ў якасці прыза атрымалі тое, што адгадалі: ключ, свечку, венік, лыжку…
Калісьці марыў паэт, каб загучалі песні на яго ўласныя вершы. На вечарыне прагучалі песні Станіслава Манюшкі на словы Яна Чачота “Кум і кума” і “Мядзведзік” у выкананні супрацоўнікаў і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Навамышскага дома культуры. Некрашэвіч Людміла Піліпаўна праспявала калыханку.
Пачатак балады “Мышанка”, дзе расказваецца паданне аб паходжанні назвы вёскі “Мыш”, для дзяцей прадэманстравалі пастаноўкай тэатра на стале.
А затым усе разам: тры пакаленні сям’і Марыны Ласкутовай і госці чыталі працяг балады…
Мышанка мая! За ўсе краскі, за тое,
Што жыў тут, табою прыгрэты,
За светлае ранне сваё залатое, –
Прымі ж ты вянок мой во гэты.
У гонар 220-годдзя нашага славутага земляка Цэнтральная раённая бібліятэка абвясціла аб пачатку краязнаўчай акцыі “Напішам ліст Чачоту разам”. Вынікам акцыі стане складзены фальклорны сшытак “Яну з Мышы. Фальклор у запісах жыхароў Баранавіцкага раёна”. Права першага запісу нададзена Акалатовіч Марыі Аляскандраўне.
Інфармацыю падрыхтавала Томарава І.П.,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі
Фота Наталлі ФІЛАНЧУК і Віталь ГЕРЦАЎ.