Новости
Выстава-агляд “Чытаем-па беларуску?! Гэта цікава”
Штогод 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Родная мова — важны сімвал культуры, які нічым не замяніць. Гэта багацце, зберагчы якое задача кожнага чалавека. У Сеўрукоўскай сельскай бібліятэцы ўвазе наведвальнікаў была прапанавана кніжная выстава-агляд “Чытаем-па беларуску?! Гэта цікава” з прадстаўленымі на ёй творамі мастацкай літаратуры, як для дарослых, так і для дзяцей.
Хвіліны паэтычнага настрою «Роднаму слову гучаць»
21 лютага — не проста дата. Гэта дзень, калі ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Для ўсіх жа беларусаў родная мова — гэта, вядома ж, беларуская — самая меладычная, самая прыгожая і непаўторная.
Кожны год Сталовіцкая сельская бібліятэка ў мэтах далучэння сваіх карыстальнікаў да роднага слова арганізуе мерапрыемствы. Гэтым разам сумесна са Сталовіцкім КДЦ былі праведзены хвіліны паэтычнага настрою “Роднаму слову гучаць”. Карыстальнікі чыталі паэтычныя творы беларускіх аўтараў, удзельнічалі ў віктарыне і конкурсе загадак.
Ну і, вядома, усіх чытачоў чакала шмат кніг. У гэты дзень рэпертуар іх быў асабліва родным. На кніжнай выставе “Гімн роднай мове” былі сабраны самыя любімыя чытачамі кнігі беларускіх аўтараў.
Віктарына “Мая родная мова”
Штогод 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. І гэта не выпадкова. Без мовы не існаваў бы свет. У гэты дзень паўсюдна ўсе мовы прызнаюцца роўнымі, таму што кожная з іх ўяўляе жывую спадчыну, да якой людзі павінны сур’ёзна ставіцца і аберагаць. Ляснянская сельская бібліятэка да гэтай даты падрыхтавала віктарыну “Мая родная мова”. Юныя карыстальнікі ўдзельнічалі ў конкурсах “Словы гуляюць у хованкі”, “Крылатыя выразы”, “Дапоўні прыказку” і інш.
Гадзіна роднай мовы «Ад зерня – колас, ад слова – мова»
Гадзіна роднай мовы «Ад зерня – колас, ад слова – мова» да Міжнароднага дня роднай мовы адбылася ў Гарадзішчанскай ГпБ. Падчас мерапрыемства ў бібліятэцы прайшла акцыя «Якая наша мова…». Чытачы пісалі на стыкерах у форме сэрца словы і прыклейвалі на карту Беларусі. У канцы дня ўся карта Беларусі была ў сэрцах, на якіх напісаны словы аб роднай мове, такія, як: прыгожая і мілагучная, адметная, сакавітая, дзіўная, найлепшая, непаўторная і шмат іншых. У бібліятэцы была створана кніжная выстава «Калі вам да спадобы беларуская мова». Акрамя гэтага ў бібліятэцы прайшлі займальныя гульні і конкурсы на веданне беларускіх прыказак, страў і цікавых слоў «Перакладчык», «Прадоўжы прыказку», «Беларускія стравы» і інш.
Любіце, шануйце, паважайце родную мову, размаўляйце на ёй часцей!