д. Новая Мышь, ул. Парковая, 1

т. +375 (163) 64-25-65, +375 (163) 64-25-66

Директор: Лайша Татьяна Михайловна.

т. +375 (163) 46-19-41

Совет молодежи

Борьба с коррупцией

Беларусь помнит
Архив новостей

Кахановіч Міхаіл Сілуянавіч

27 верасня 2017 г. – 135 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Сілуянавіча Кахановіча (1882–1934),
палітычнага і грамадскага дзеяча, педагога,
першага дырэктара Віленскай беларускай гімназіі

kahanovich-mihail

Міхаіл Сілуянавіч Кахановіч нарадзіўся 27 верасня 1882 года у вёсцы Вялікія Лукі Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.) у сям’і праслаўнага святара. У 1905 годзе скончыў пяць класаў Мінскай духоўнай семінарыі, але не захацеў працягваць духоўную справу бацькі, абраў свецкае жыццё, паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Харкаўскага ўніверсітета. У 1910 годзе атрымаў дыплом гісторыка, працаваў настаўнікам у розных навучальных установах Вільні.

У сувязі з наступленнем кайзераўскіх войск летам 1915 года Міхаіл Кахановіч пераехаў у Магілёў, дзе працаваў выкладчыкам у Магілёўскім рэальным вучылішчы. Лютаўская рэвалюцыя 1917 года прынесла народам Расійскай імперыі, у т. л. і беларусам, дэмакратычныя і нацыянальныя свабоды. Да беларускай справы далучыўся і Міхаіл Кахановіч. Ва ўмовах рэвалюцыйнай стыхіі ён змог аб’яднаць інтэлегенцкія сілы Магілёва, якім быў неабыякавы лёс беларускага народа. Рэдактар газеты «Могилёвские известия» (1917). Удзельнік З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску (25–27 сакавіка 1917 г.), Першай сесіі Цэнтральнай Рады Беларускіх арганізацый (5–7 жніўня 1917 г.). Быў членам Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з арганізатараў, з кастрычніка 1917 года – старшыня Магілёўскага беларускага камітэта, які ўтвораны 15 красавіка 1917 года. 12 ліпеня 1918 года адбыўся сход беларускай грамадскасці Магілёўскай губерні пад старшынствам М. С. Кахановіча, на якім было падтрымана стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

Падчас нямецкай акупацыі Беларусі летам 1918 года Міхаіл Кахановіч вярнуўся ў Вільню, дзе наладзіў трывалыя стасункі з мясцовым беларускім асяроддзем. Актыўна ўключыўся ў грамадска-палітычнае жыццё, стаўшы сябрам Віленскай беларускай рады.

Найбольш важнай справай у жыцці Міхаіла Кахановіча можна лічыць арганізацыю Віленскай беларускай гімназіі – сярэдняй навучальнай установы для беларусаў. Быў абраны старшынёй педагагічнай рады Віленскай беларускай гімназіі, адначасова з’яўляўся дырэктарам. У цяжкіх умовах канца 1918 года яму ўдалося знайсці будынак, сфарміраваць педагагічны калектыў, арганізаваць навучальны працэс. Рэгулярныя заняткі пачаліся 1 лютага 1919 года. Першы год працы гімназіі быў вельмі цяжкі: бракавала школьнага інвентару, беларускіх падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, не было бібліятэкі. Убоства сродкаў, неаднолькавая папярэдняя падрыхтоўка дзяцей, паўгалоднае існаванне вучняў і настаўнікаў не дазвалялі паставіць навучанне на належны ўзровень. У 1921 годзе ў гімназіі навучаліся каля 340 вучняў.

М. С. Кахановіч разам з іншымі дзеячамі арганізаваў 9–10 чэрвеня 1919 года Беларускі з’езд прадстаўнікоў беларускай грамадскасці Віленшчыны і Гродзеншчыны, на якім выступіў з дакладам аб стане і неадкладных задачах беларускай асветы. З 1919 года – кіраўнік школьнага аддзела Цэнтральнай Беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Адначасова выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі ў «Беларускай крыніцы», «Беларускім жыцці», «Беларускіх ведамасцях» і іншых выданнях. Аўтар успамінаў пра беларускага дзеяча, археолага Івана Іванавіча Луцкевіча (1881–1919).

У 1922 годзе М. С. Кахановіч пакінуў пасаду дырэктара гімназіі, каб зноў вярнуцца да грамадска-палітычнай працы. Быў абраны паслом (дэпутатам) у сейм Польскай Рэспублікі, прадстаўляў насельніцтва Навагрудчыны. Быў членам Беларускага пасольскага клуба. Трымаўся прынцыпу беспартыйнасці, адстойваў нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа. Член Беларускага навуковага таварыства, актывіст беларускіх грамадскіх і культурна-асветных арганізацый у Вільні. Абараняў Жыровіцкі Успенскі манастыр ад нападаў польскіх уладаў і католікаў, якія адабралі ад манастыра землі, лясы і будынкі. Па гэтай справе сустракаўся з чыноўнікамі Міністэрства асветы і рэлігійных веравызнанняў, выязджаў у Жыровічы, дзе выступаў на шматлюдных мітынгах.

У 1925 годзе М. С. Кахановіч адмовіўся ад дэпутацкага мандата i перабраўся ў БССР. Працаваў у рэдакцыях газеты «Савецкая Беларусь» і часопіса «Савецкае будаўніцтва», у выдавецтвах (у т. л. Беларускім дзяржаўным выдавецтве). Займаўся перакладамі, пераклаў на беларускую мову творы рускіх пісьменнікаў і гісторыкаў З. Оськіна, В. Владко, П. Кушнера, Я. Захера і інш. Міхаіл Сілуянавіч быў жанаты, меў дзіця.

У 1933 годзе М. С. Кахановіч працаваў карэктарам ў друкарні імя Сталіна ў Мінску. Арыштаваны 10 жніўня 1933 года па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 9 студзеня 1934 года як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ» да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 17 мая 1934 года. Рэабілітаваны трыбуналам БВА 18 красавіка 1956 года. Асабовая справа М. С. Кахановіча № 10182-с (спынена 16 жніўня 1956 г.) з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Баранавіцкай цэнтральнай
раённай бібліятэкай. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

  1. Коханович Михаил Силуянович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 506.
  2. Кахановіч Міхаіл Сілуянавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 189.
  3. Кахановіч Міхаіл Сілуянавіч / Юрка Васілеўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 153.
  4. Коханович Михаил Силуянович // Польша – Беларусь (1921–1953) : сборник документов и материалов / сост. : А.Н. Вабищевич [и др.]. Минск : Беларуская навука, 2012. С. 200.
  5. Кахановіч Міхаіл Сілуянавіч // Маракоў,Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794–1991 : энцыкл. даведнік : у 10 т. / Л. У. Маракоў. Мінск, 2003. Т. 3, кн. 2.
  6. Віленская беларуская гімназія / Л. А. Луцкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 279–281.
  7. Зезд беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гродзеншчыны / А. С. Ліс // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 50.
  8. Магілёўскі беларускі камітэт / Уладзімір Ляхоўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 24.
  9. Віленскі беларускі нацыянальны камітэт / У. А. Палуян // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 3. С. 85.
  10. Агееў, А. Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага беларускага камітэта (1917–1918) / Аляксандр Агееў, Ігар Пушкін. – Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2017. – 292 с.: іл.
  11. Пушкін, А. І. Сход магілёўцаў вітаў Незалежнасць Беларусі : (Жыццёвы лёс Міхаіла Кахановіча) / І. А. Пушкін // Гістарычнае і сацыякультурнае развіццё Магілёва : зборнік навуковых прац / уклад. І. А. Пушкін, В. В. Юдзін. Магілёў, 2007. С. 163–171.
  12. Рудовіч, С. У пошуках нацыянальнай ідэнтычнасці: Беларуская патрыятычная арганізацыя ў Магілёве ў 1917–1918 гг. / С. Рудовіч // Мінулая і сучасная гісторыя Магілёва : зборнік навуковых прац / уклад. І. А. Пушкін. Магілёў, 2001. С. 203–209.
  13. Пушкін, І. А. Дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта ў сферы міжнародных адносін (1917–1918 гг.) / І. А. Пушкін // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць : зборнік навуковых прац / уклад.: А. М. Бацюкоў, І. А. Пушкін. Магілёў, 2013. С. 302–310.
  14. Багдановіч, Я. На жыццёвым шляху : [успаміны] / Янка Багдановіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. – 144 с. – Са зместу: М. Кахановіч. С. 81, 140.
  15. Рагуля, В. Успаміны / Васіль Рагуля. – Менск : ВЦ «Бацькаўшчына», 1993. – 94 с.
  16. Кахановіч, М. Магілёўцы і незалежнасць Беларусі : (Мае ўспаміны) / Міхаіл Кахановіч // Спадчына. 1997. № 6. С. 3–5.
  17. Вабішчэвіч, А. М. Асвета ў Заходняй Беларусі (1921–1939) / А. М. Вабішчэвіч. – Брэст : БрДУ, 2004. – 116 с.
  18. Горны, А. Міхаіл Кахановіч: лёс інтэлігента / Аляксандр Горны // Краязнаўчая газета. № 14. С. 4; № 15. С. 4.
  19. Вабішчэвіч, А. М. Беларускія гімназіі ў культурна-асветніцкім і грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі (1920–1930-я гг.) / А. М. Вабішчэвіч // Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 18. С. 78–90.
  20. Летапіс Віленскай беларускай гімназіі (1919–1944) / [друкуецца паводле тэксту Янкі Золака ; падрыхтоўка рукапісу Ю. Жывіцы] // Спадчына. 1999. № 1. С. 29–60.
  21. Пушкин, И. Он был редактором «Вестника» : [о М. С. Кохановиче] / И. Пушкин // Веснiк Магілёва. 1999. 30 снежня. С. 3.
  22. Вабішчэвіч, А.М. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921–1939) / А. М. Вабішчэвіч // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. № С. 38–46.
  23. Тумаш, В. Беларуская Віленская гімназія / В. Тумаш // Полацак. 1992. №3 (13). С. 48–52; №4 (14). С. 55–57; № 5 (15). С. 49–51; № 9 (19). С. 37–

 

 

Баранавіцкі раён
Вялікія Лукі
Кахановіч Міхаіл Сілуянавіч
юбілей

БиблиоТВ

Спадчына
ПнВтСрЧтПтСбВс
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
Сводный электронный каталог библиотек Брестской области
Яндекс.Метрика