д. Новая Мышь, ул. Барановичская, 2А

т. +375 (163) 64-25-65, +375 (163) 64-25-66

Директор: Лайша Татьяна Михайловна.

т. +375 (163) 46-19-41

Борьба с коррупцией

Беларусь помнит
Архив новостей

Чачот Ян

Ян Чачот
(1796 – 1847)
паэт-рамантык, філамат, фалькларыст, этнограф, драматург

 чачот

Нарадзіўся Ян Чачот 7 ліпеня (24 чэрвеня) 1796 года ў вёсцы Малюшычы Наваградскага павета (цяпер Карэліцкі раён) ў сям’і беззямельнага шляхціча Тадэвуша Чачота, жанатага з Кларай Гасіцкай.  Неўзабаве з Малюшычаў сям’я Чачотаў перабралася пад Баранавічы ў маёнтак Рэпіхава Навамышскай парафіі (цяпер Ляхавіцкі раён), дзе бацька ўладкаваўся аканомам да памешчыка Тызенгаўза. Тут, на берагах ракі Мышанкі, і прайло дзяцінства паэта.

Адсюль, недзе ў 1809 годзе, “Ян з Мышы”, як назавуць яго потым сябры,  перабраўся ў павятовы горад Навагрудак, дзе ў 1809—1815 гг. гадах вучыўся ў дамініканскай школе. Тут ён зблізіўся і на ўсё жыццё пасябраваў са сваім аднакласнікам Адамам Міцкевічам.

Пасля заканчэння школы восенню 1815 года выехаў у Вільню, дзе ў 1816 годзе паступіў на факультэт маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта. Але з-за фінансавых цяжкасцей правучыўся толькі адзін год і быў вымушаны пакінуць вучобу і ўладкавацца на працу пісарам ў спецыяльную камісію па ўпарадкаванні архіваў нясвіжскіх князёў Радзівілаў.

У кола Чачотавых абавязкаў па службе ўваходзіла капіраванне спадчынных дакументаў. У сувязі з гэтым даводзілася выязджаць у Навагрудак, Мінск, Варшаву і іншыя гарады. Нягледзячы на вялікую занятасць працягваў наведваць вольным слухачом асобныя лекцыі ў Віленскім універсітэце: вывучаў літаратуру, гісторыю, мовы і асабліва права, імкнучыся стаць адвакатам.

16 красавіка 1818 года тут, ва ўніверсітэце,  паводле выдатнай рэкамендацыі Адама Міцкевіча быў прыняты ў члены Таварыства філаматаў.  На філамацкіх пасяджэннях Ян Чачот выступаў са сваімі творамі, з разглядам творчасці сяброў, з навуковымі паведамленнямі і аглядамі варшаўскага друку.

На паэтычным турніры філаматаў, які адбыўся 21 снежня 1818 года, Ян Чачот быў прызнаны трэцім (пасля Адама Міцкевіча і Тамаша Зана) паэтам.

Пасля ўтварэння Таварыства філарэтаў яго абралі кіраўніком найбольш важнага яго аддзела — літаратурнага, які называўся Блакітны саюз. Ян Чачот вельмі актыўна ўзяўся за выхаванне літаратурнай моладзі, з вялікай патрабавальнасцю ставячыся да яе творчасці, за што маладыя літаратары жартам празвалі яго «Ментарам». Ён узяў пад асабістую апеку Антонія Эдварда Адынца. Тут у поўнай меры раскрыліся арганізатарскія здольнасці Яна Чачота, яго незвычайная душэўная шчодрасць, бескарыслівасць і таварыская самаахвярнасць.

У час выкрыцця царскімі ўладамі тайных студэнцкіх згуртаванняў пры Віленскім універсітэце паэт быў арыштаваны ў ліку першых і цэлы год (з 10 кастрычніка 1823 года да 22 кастрычніка 1824 года) знаходзіўся ў мурах базыльянскага кляштара.  Тут Ян Чвчот склаў рукапісны зборнік «Песенькі і іншыя творы», які удалося перадаць на захаванне безнайдзена каханай ім Зосі Малеўскай, сястры філамата Францішка Малеўскага. У рукапісны зборнік акрамя песень уваходзілі таксама элегіі (так званыя трэны).

Яна Чачота абвінавачвалі «в чтении на собраниях филаретов дерзких и ругательством против россиян наполненных стихов и в произнесении приветствий и речей, противных верности к Российскому Престолу». Каб адвесці пагрозу ад арыштаваных таварышаў, ён браў на допытах віну на сябе, за што разам з Тамашам Занам і Адамам Сузіным панёс самае суровае пакаранне — дзесяцігадовае выгнанне ў глыбіні Расіі.

Па прыгаворы 10 (22 кастрычніка) 1824 года яны былі адпраўленыя ў Арэнбург. Чачот сасланы спачатку ў крэпасць Кізіл, дзе адбыў шасцімесячны тэрмін зняволення. Жывучы ў спасылцы ў Кізіле, перакладаў на польскую мову Вашынгтона Ірвінга (пераклад выйшаў у Вільні ў 1830 годзе), пісаў вершы.

У 1826—1830 гадах жыў ва Уфе.  Тут у 1828 годзе паступіў на дзяржаўную службу ў бюро губернатара і зарэкамендаваў сябе з лепшага боку. Перапісваўся з А.Міцкевічам, І. Дамейкам, Т. Занам, А.Петрашкевічам. Вызвалены з-пад нагляду паліцыі, у снежні 1830 года Ян Чачот выехаў з Уфы праз Арэнбург, дзе знаходзіўся Т.Зан, у Маскву, каб сустрэцца з А.Петрашкевічам, які працаваў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы.  Затым Ян Чачот жыў у Цверы. Тут ён захапіўся збіраннем мясцовых этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў, якія на жаль не зберагліся.

Дзякуючы хадатайству цвярскога губернатара, у 1833 г. яму дазволілі вярнуцца пад наглядам паліцыі на радзіму, у мястэчка Лепель. Ян Чачот уладкаваўся тут на службу ў дырэкцыі Бярэзінскага воднага канала – спачатку звычайным канцылярыстам, затым сакратаром. У Лепелі заняўся зборам народных песень, якія потым увайшлі ў яго зборнікі.

У 1839 г. «государь император высочайше повелеть соизволил», як гаворыцца ў цыркуляры, адпусціць Яна Чачота дамоў, на Наваградчыну, і зняць з яго паліцэйскі нагляд. Змучанага за гады зняволення Яна Чачота ўзяў на пасаду бібліятэкара былы шчыры апякун філаматаў  граф Адам Храптовіч, які валодаў у Шчорсах адной з багацейшых у Еўропе бібліятэк. Пасля смерці гаспадара Шчорсаў у 1844 годзе Ян Чачот,  не маючы службы і здароўя, не запасіўшы капіталу, жыў у сваіх сяброў на Наваградчыне — у вёснах Бортнікі, Вольная і Далматаўшчына, займаўся выданнем у Вільні сабраных ім томікаў беларускага фальклору.

У надзеі паправіць сваё надломленае здароўе вясной 1847 года выехаў на лячэнне ў Друскенікі «на воды».  Але лячэнне не дало чаканага выніку і 11 (23) жніўня 1847 года Ян Чачот памёр у суседняй з Друскенікамі вёсцы Ротніца, дзе і быў пахаваны паблізу касцёла.

Першыя вядомыя літаратурныя творы Яна Чачота з’явіліся недзе каля 1818 года, і тэматычна яны былі звязаны з жыццём філаматаў. Гэта былі песні і вершы з нагоды студэнцкіх урачыстасцяў. Тыя творы, што дайшлі да нас, сведчаць пра цудоўны песенны талент паэта. Самы вялікі поспех мелі творы, напісаныя на беларускай мове. Першыя з беларускіх твораў Яна Чачота адносяцца да 1819 года. Гэта жартоўная песня “Да пакіньце горла драць…”, прывітальны верш “На прыезд Адама Міцкевіча” і інш.  На беларускай мове Ян Чачот пісаў і пасля разгрому Таварыства філаматаў, у час, калі ён вярнуўся на радзіму з уральскай ссылкі. Гэтыя беларускія вершы ён змясціў у фальклорных зборніках 1844 і 1846 гадоў.

З літаратурнай спадчыны Яна Чачота вялікую ўвагу заслугоўваюць балады, напісаныя ім у 1818-1819 гг. на польскай мове. Гэта – сапраўдныя шэдэўры літаратуры.  Да нас дайшлі восем баладаў Яна Чачота: “Бекеш”, “Наваградскі замак”, “Калдычэўскі шчупак”, “Падземны звон на горцы ў Пазяневічах”, Радзівіл, або заснаванне Вільні”, “Узногі”, “Мышанка”, “Свіцязь”. Усе яна напісаны паводле беларускіх народных паданняў. Тры з іх (“Узногі”, “Мышанка”, “Калдычэўскі шчупак”) датычацца менавіта  баранавіцкага краю. Надзвычай важную ролю балады Яна Чачота  адыгралі ў творчай біяграфіі яго славутага сябра Адама Міцкевіча, які вельмі імі зацікавіўся, — зацікавіўся магчымасцю выкарыстоўваць матывы і вобразы вуснай паэзіі беларускага народа ва ўласнай паэтычнай творчасці.

Шмат зрабіў Ян Чачот і ў беларускай фалькларыстыцы. Гэта быў сапраўдны подзвіг паэта-фалькларыста, які здолеў на працягу 1837-1846 гг. сабраць і выдаць у шасці зборніках беларускія народныя песні «з-пад Нёмана і Дзвіны», а таксама творы іншых жанраў фальклору. Спачатку ён даваў іх у перакладзе на польскую мову, а потым публікаваў у арыгінале, на беларускай мове. Гэтымі зборнікамі ён паказваў свету, якія неацэнныя скарбы мае беларускі народ.

У гонар Яна Чачота ў мінскім раёне Брылевічы названая вуліца. Імя паэта носіць таксама адна з вуліцаў Варшавы. У 1996 годзе ў Новай Мышы быў усталяваны бюст паэта. Таксама ў гонар паэта ўсталяваны помнік у Карэлічах і памятная шыльда ва ўрочышчы Рэпіхава.

 

Творы Яна Чачота

  1. Чачот, Я. выбранае : вершы, песні, балады / Ян Чачот.- Мн.: Мастацкая літаратура, 2007.- 190 с.- (Бібліятэка школьніка).
  2. Чачот, Я. Выбраныя творы / Ян Чачот.- Мн.: МФ “Беларускі кнігазбор”, 1996.- 347 с.- (Беларускі кнігазбор).
  3. Філаматы і філарэты : зборнік / уклад., пер.польскамоўных твораў, прадмова, біягр. даведкі пра аўт. і камент К.Цвіркі.- Мн.: МФ “Беларускі кнігазбор”, 1998.- 399 с.- (Беларускі кнігазбор).
  4. Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў / [уклад., сістэматызацыя тэкстаў і камент. В.І.Скідака, А.М.Хрушчовай].- Мн.: Бел. Навука, 1997.- 342 с.- (Беларуская народная творчасць).

 

Аб жыцці і творчасці Яна Чачота

 

  1. Бароўская, І. «Плакала бяроза ды гаварыла…»: песенная лірыка Яна Чачота / Ірына Бароўская //Роднае слова.   № 10.  С. 24-27.
  2. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — Мінск: Беларуская навука, 2007. С. 187
  3. Кісялёў, Г. В. Ад Чачота да Багушэвіча. Праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры XIX ст.. — 2-е выданне. — Мінск: Беларуская навука, 2003. — С. 226.
  4. Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — 320 с.
  5. Мархель, У. Служэнне ідэалам маладосці: Ян Чачот. Вяртанне спадчыны// Роднае слова. 1996. № 7.  С. 21 – 29.
  6. Петрушкевіч, А. «Толькі Айчына і Зося»: Вершы Яна Чачота да Зосі Малаеўскай/ Ала Петрушкевіч // Роднае слова.   № 6.  С. 14-16.
  7. Содаль, У. «Знаць Чачота ўсе павінны…” // Роднае слова.   № 7.  С. 166 – 169.
  8. Цвірка, К. Лісце забытых алеяў: эсэ/ Кастусь Цвірка; маст.В.Тарасаў.- Мн.: Мастацкая літаратура, 1993.- 446с.
  9. Цвірка, К.След на Цаліку: Творчы шлях Яна Чачота/ Кастусь Цвірка // Роднае слова.   № 3.  С. 16 – 24.
  10. Цвірка, К.  Яркая зорка беларускага адраджэння // Чачот Ян.  Выбраныя творы. — Мінск:  МФ “Беларускі кнігазбор”, 1996. — 347 с.- (Беларускі кнігазбор).
  11. Цвірка, К. След на Цаліку: творчы шлях Яна Чачота/ Кастусь Цвірка // Роднае слова.  № 3.  С. 16 – 24.
  12. Чаропка, В. Адданы народнай паэзіі // Лёсы ў гісторыі. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 419. — 559 с.

БиблиоТВ

Спадчына
ПнВтСрЧтПтСбВс
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
Сводный электронный каталог библиотек Брестской области
Яндекс.Метрика