д. Новая Мышь, ул. Барановичская, 2А

т. +375 (163) 64-25-65, +375 (163) 64-25-66

Директор: Лайша Татьяна Михайловна.

т. +375 (163) 46-19-41

Борьба с коррупцией

Беларусь помнит
Архив новостей

Парахневіч Уладзімір Аляксеевіч

18 студзеня 2018 г. – 100 гадоў з дня нараджэння
Уладзіміра Аляксеевіча Парахневіча (1918–1980),
удзельніка партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну,
Героя Савецкага Саюза (1944), заслужанага настаўніка Б
ССР

parahnevich

Уладзімір Аляксеевіч Парахневіч нарадзіўся 18 студзеня 1918 года ў вёсцы Аўсімавічы Бабруйскага павета (цяпер Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. Па заканчэнні пачатковай школы ў вёсцы Варатынь разам з бацькамі пераехаў на жыхарства ў г. Бабруйск. У 1933 годзе скончыў школу фабрычна-завадскога вучаніцтва, у 1935 годзе – Бабруйскi педагагічны рабфак і адразу паступіў у Мінскі педагагічны інстытут. Пасля першага курса перавёўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, які скончыў у 1940 годзе.

У 1940–1941 гадах Уладзімір Аляксеевіч працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў в. Рогава Заслаўскага раёна Мінскай вобласці.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Перабраўся ў вёску Вялікая Кантора, дзе ў гэты час знаходзіліся яго бацькі і сястра з дзiцям. У жніўні 1941 года ўдзельнічаў у стварэнні партызанскага атрада, які дыслацыраваўся за пасёлкам Кіраўск. Камандзірам атрада быў лейтэнант Васіль Лукіч Нікіцін, муж сястры Ларысы.

Да ліпеня 1942 гады Уладзімір Парахневіч прымаў удзел у рабоце падпольнай групы Варотынскага сельсавета Бабруйскага раёна, з ліпеня 1942 года – партызан 537-го атрада, у які ўліўся атрад В. Л. Нікіціна. Затым – камандзір дыверсійнай групы партызанскага атрада, які дзейнічаў на тэрыторыі Кіраўскага раёна. Яго група «працавала» на ўчастку чыгункі Бабруйск – Жлобін. З рызыкай для жыцця здабываў тол для фугасаў, выплаўляючы яго са снарадаў. Дыверсійная група пад камандаваннем У. А. Парахневіча пусціла пад адхон 21 варожы эшалон, у якіх разбіты 2 танкі, 23 аўтамашыны, 20 паравозаў, 97 вагонаў з боепрыпасамі, забеспячэннем. З лістапада 1943 года – палітрук роты 539-го партызанскага атрада, а з ліпеня 1944 года – камісар 102-го атрада 9-й партызанскай брыгады імя С. М. Кірава, камандзірам якой стаў В. Л. Нікіцін.

За доблесць і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з фашысцкімі акупантамі, У. А. Парахневічу Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 жніўня 1944 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля вайны капітан У. А. Парахневіч звольніўся ў запас. Узначальваў аддзел народнай адукацыі Бабруйскага аблвыканкама, працаваў намеснікам загадчыка аддзела па рабоце сярод школьнай моладзі пры ЦК ЛКСМБ. У кастрычніку 1945 года быў дэлегатам кангрэса дэмакратычнай моладзі свету ў Лондане. У жніўні 1946 года быў складзе савецкай дэлегацыі на Славянскім кангрэсе ў Белградзе. Там жыхары горада падарылі былому партызану ятаган, які затым паступіў у фонды Беларускага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і цяпер знаходзіцца ў экспазіцыі.

У 1949–1956 гадах кіраваў Мінскім педагагічным вучылішчам. У 1956–1965 гадах выкладаў матэматыку ў школе рабочай моладзі № 1, затым быў дырэктарам гэтай школы. 18 мая 1971 года назначаны дырэктарам школы рабочай моладзі № 21 Фрунзенскага раёна г. Мінска.

3 мая 1946 года Уладзіміру Аляксеевічу ўручаны знак «Выдатнік народнай асветы». 24 жніўня 1969 года ён быў удастоены ганаровага звання «Заслужаны настаўнік школы Беларускай ССР». За баявую і працоўную дзейнасць узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалямі «Партизану Отечественной войны» І і ІІ ступеней і інш.

У. А. Парахневіч памёр 28 ліпеня 1980 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. Яго імем названа вуліца ў роднай вёсцы і ў Мінску.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай
бібліятэкай імя Я. Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

  1. Парахневіч Уладзімір Аляксеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 94.
  2. Парахневич Владимир Алексеевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 700.
  3. Парахневич Владимир Алексеевич // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биогр. справочник. Минск, 2015. С. 108.
  4. Парахневіч Уладзімір Аляксеевіч // Ваенная энцыклапедыя Беларусі / гал. рэд. Л. У. Языковіч. Мінск, 2010. С. 725.
  5. Парахневич Владимир Алексеевич // Энциклопедия Победы : Беларусь – Москва / сост. А. И. Докучаев, Б. Д. Долготович, Л. В. Языкович. Минск ; Москва, 2009. С. 578.
  6. Парахневіч Уладзімір Аляксеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 408.
  7. Парахневіч Уладзімір Аляксеевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 107.
  8. Парахневич Владимир Алексеевич // Герои Советского Союза : крат. биогр. словарь : в 2 т. Москва. 1988. Т. 2. С. 236.
  9. Давыдова, В. 21 эшелон (О Парахневиче В. А.) / В. Давыдова, А. Щербаков // Люди легенд : очерки о партизанах и подпольщиках – Героях Советского Союза. Москва : Политиздат, 1971. Вып. 4. С. 296–305.
  10. Парахневич, В. А. Огненные вихри : записки партизана / Владимир Парахневич ; лит. обработка Владимира Жиженко. – Минск : Беларусь, 1969. – 368 с. : ил.
  11. Парахневич, В. А. Сборник задач по геометрии / В. А. Парахневич, Е. В. Парахневич, А. М. Фельдман. – Минск : Аверсэв, 2007. – 207 с. : ил. – (Школьникам, абитуриентам, учащимся).
  12. Парахневич, В. А. Сборник задач по геометрии : VIII–Х кл. / В. А. Парахневич, Е. В. Парахневич. – Минск : Народная асвета, 1972. – 175 с. : черт.
  13. Методические указания и задания для контрольных работ по математике для учащихся заочных подготовительных курсов : на базе средней школы / [сост. В.А.Парахневич]. – Минск : Минский заочный политехникум, 1967.
  14. Суслов, А. Партизанский Антей : [про В. Парахневича] // Суслов, А. Творцы Победы : докум. очерки / Александр Суслов. Минск, 2010. С. 96–102.
  15. Самы галоўны ўрок : Настаўнікі Беларусі – героі Вялікай Айчыннай : 2-е выд. / склад. А.Л.Уліценак ; прадм. П. Д. Лапцоў. – Мінск : Народная асвета, 1994. – 255 с. : іл. – Са зместу: У. А. Парахневіч.
  16. Осипова, Л. Честь и долг превыше всего : [про Героев Советского Союза В. Парахневича и Ф. Архипенко, уроженцев д. Авсимовичи Бобруйского района] / Людмила Осипова // Трыбуна працы. Бабруйск, 2015. 25 апреля. С. 6 : фото.
  17. Навуменка, В. Подзвіг беларускіх педагогаў : [пра настаўнікаў – Герояў Савецкага Саюза, у т. л. У. А. Парахневіча] / Валянціна Навуменка // Настаўніцкая газета. 2013. 7 мая. С. 6.
  18. Жур, Л. Імёны педагогаў-герояў у памяці народнай : [пра педагогаў, удастоеных звання Героя Савецкага Саюза, у т. л. пра У. А. Парахневіча] / Лідзія Жур // Настаўніцкая газета. 2010. 2кастрычніка. С. 3.
  19. Тимофеев, А. Подвиг длиною в жизнь : [о В. А. Парахневиче] / Александр Тимофеев // Бабруйскае жыццё. 2008. 24 кастрычнiка.
  20. Григорович, Н. Два Героя из Авсимовичей : [о Героях Советского Союза В. А. Парахневиче и Ф. Ф. Архипенко, уроженцах Бобруйского района] / Николай Григорович // Белорусская нива. 2006. 6 июля. С. 4.
  21. Скульбедов, В. Партизанские версты : [о В. А. Парахневиче] / В. Скульбедов // Зямля і людзі. 2005. 6 ліпеня. С. 5.
  22. Результат диверсий – 21 эшелон : [о Герое Советского Союза В. Парахневиче] // Трыбуна працы. Бабруйск, 2005. 23 красавiка.
  23. Суслов, А. Партизанский Антей : [о В.А.Парахневиче] / Александр Суслов // Рэспублiка. 2004. 15 кастрычнiка. С. 7.
  24. Гарэлік, А. Два героі з адной школы : [пра Герояў Савецкага Саюза У.А.Парахневіча і Ф. Ф. Архіпенку] / А. Гарэлік // Бабруйскае жыццё. 20 чэрвеня.

 

 

Бабруйскі раён
Аўсімавічы
Парахневіч Уладзімір Аляксеевіч
юбілей

БиблиоТВ

Спадчына
ПнВтСрЧтПтСбВс
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
Сводный электронный каталог библиотек Брестской области
Яндекс.Метрика