Чачот Ян
Ян Чачот
(1796 – 1847)
паэт-рамантык, філамат, фалькларыст, этнограф, драматург
Нарадзіўся Ян Чачот 7 ліпеня (24 чэрвеня) 1796 года ў вёсцы Малюшычы Наваградскага павета (цяпер Карэліцкі раён) ў сям’і беззямельнага шляхціча Тадэвуша Чачота, жанатага з Кларай Гасіцкай. Неўзабаве з Малюшычаў сям’я Чачотаў перабралася пад Баранавічы ў маёнтак Рэпіхава Навамышскай парафіі (цяпер Ляхавіцкі раён), дзе бацька ўладкаваўся аканомам да памешчыка Тызенгаўза. Тут, на берагах ракі Мышанкі, і прайло дзяцінства паэта.
Адсюль, недзе ў 1809 годзе, “Ян з Мышы”, як назавуць яго потым сябры, перабраўся ў павятовы горад Навагрудак, дзе ў 1809—1815 гг. гадах вучыўся ў дамініканскай школе. Тут ён зблізіўся і на ўсё жыццё пасябраваў са сваім аднакласнікам Адамам Міцкевічам.
Пасля заканчэння школы восенню 1815 года выехаў у Вільню, дзе ў 1816 годзе паступіў на факультэт маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта. Але з-за фінансавых цяжкасцей правучыўся толькі адзін год і быў вымушаны пакінуць вучобу і ўладкавацца на працу пісарам ў спецыяльную камісію па ўпарадкаванні архіваў нясвіжскіх князёў Радзівілаў.
У кола Чачотавых абавязкаў па службе ўваходзіла капіраванне спадчынных дакументаў. У сувязі з гэтым даводзілася выязджаць у Навагрудак, Мінск, Варшаву і іншыя гарады. Нягледзячы на вялікую занятасць працягваў наведваць вольным слухачом асобныя лекцыі ў Віленскім універсітэце: вывучаў літаратуру, гісторыю, мовы і асабліва права, імкнучыся стаць адвакатам.
16 красавіка 1818 года тут, ва ўніверсітэце, паводле выдатнай рэкамендацыі Адама Міцкевіча быў прыняты ў члены Таварыства філаматаў. На філамацкіх пасяджэннях Ян Чачот выступаў са сваімі творамі, з разглядам творчасці сяброў, з навуковымі паведамленнямі і аглядамі варшаўскага друку.
На паэтычным турніры філаматаў, які адбыўся 21 снежня 1818 года, Ян Чачот быў прызнаны трэцім (пасля Адама Міцкевіча і Тамаша Зана) паэтам.
Пасля ўтварэння Таварыства філарэтаў яго абралі кіраўніком найбольш важнага яго аддзела — літаратурнага, які называўся Блакітны саюз. Ян Чачот вельмі актыўна ўзяўся за выхаванне літаратурнай моладзі, з вялікай патрабавальнасцю ставячыся да яе творчасці, за што маладыя літаратары жартам празвалі яго «Ментарам». Ён узяў пад асабістую апеку Антонія Эдварда Адынца. Тут у поўнай меры раскрыліся арганізатарскія здольнасці Яна Чачота, яго незвычайная душэўная шчодрасць, бескарыслівасць і таварыская самаахвярнасць.
У час выкрыцця царскімі ўладамі тайных студэнцкіх згуртаванняў пры Віленскім універсітэце паэт быў арыштаваны ў ліку першых і цэлы год (з 10 кастрычніка 1823 года да 22 кастрычніка 1824 года) знаходзіўся ў мурах базыльянскага кляштара. Тут Ян Чвчот склаў рукапісны зборнік «Песенькі і іншыя творы», які удалося перадаць на захаванне безнайдзена каханай ім Зосі Малеўскай, сястры філамата Францішка Малеўскага. У рукапісны зборнік акрамя песень уваходзілі таксама элегіі (так званыя трэны).
Яна Чачота абвінавачвалі «в чтении на собраниях филаретов дерзких и ругательством против россиян наполненных стихов и в произнесении приветствий и речей, противных верности к Российскому Престолу». Каб адвесці пагрозу ад арыштаваных таварышаў, ён браў на допытах віну на сябе, за што разам з Тамашам Занам і Адамам Сузіным панёс самае суровае пакаранне — дзесяцігадовае выгнанне ў глыбіні Расіі.
Па прыгаворы 10 (22 кастрычніка) 1824 года яны былі адпраўленыя ў Арэнбург. Чачот сасланы спачатку ў крэпасць Кізіл, дзе адбыў шасцімесячны тэрмін зняволення. Жывучы ў спасылцы ў Кізіле, перакладаў на польскую мову Вашынгтона Ірвінга (пераклад выйшаў у Вільні ў 1830 годзе), пісаў вершы.
У 1826—1830 гадах жыў ва Уфе. Тут у 1828 годзе паступіў на дзяржаўную службу ў бюро губернатара і зарэкамендаваў сябе з лепшага боку. Перапісваўся з А.Міцкевічам, І. Дамейкам, Т. Занам, А.Петрашкевічам. Вызвалены з-пад нагляду паліцыі, у снежні 1830 года Ян Чачот выехаў з Уфы праз Арэнбург, дзе знаходзіўся Т.Зан, у Маскву, каб сустрэцца з А.Петрашкевічам, які працаваў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы. Затым Ян Чачот жыў у Цверы. Тут ён захапіўся збіраннем мясцовых этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў, якія на жаль не зберагліся.
Дзякуючы хадатайству цвярскога губернатара, у 1833 г. яму дазволілі вярнуцца пад наглядам паліцыі на радзіму, у мястэчка Лепель. Ян Чачот уладкаваўся тут на службу ў дырэкцыі Бярэзінскага воднага канала – спачатку звычайным канцылярыстам, затым сакратаром. У Лепелі заняўся зборам народных песень, якія потым увайшлі ў яго зборнікі.
У 1839 г. «государь император высочайше повелеть соизволил», як гаворыцца ў цыркуляры, адпусціць Яна Чачота дамоў, на Наваградчыну, і зняць з яго паліцэйскі нагляд. Змучанага за гады зняволення Яна Чачота ўзяў на пасаду бібліятэкара былы шчыры апякун філаматаў граф Адам Храптовіч, які валодаў у Шчорсах адной з багацейшых у Еўропе бібліятэк. Пасля смерці гаспадара Шчорсаў у 1844 годзе Ян Чачот, не маючы службы і здароўя, не запасіўшы капіталу, жыў у сваіх сяброў на Наваградчыне — у вёснах Бортнікі, Вольная і Далматаўшчына, займаўся выданнем у Вільні сабраных ім томікаў беларускага фальклору.
У надзеі паправіць сваё надломленае здароўе вясной 1847 года выехаў на лячэнне ў Друскенікі «на воды». Але лячэнне не дало чаканага выніку і 11 (23) жніўня 1847 года Ян Чачот памёр у суседняй з Друскенікамі вёсцы Ротніца, дзе і быў пахаваны паблізу касцёла.
Першыя вядомыя літаратурныя творы Яна Чачота з’явіліся недзе каля 1818 года, і тэматычна яны былі звязаны з жыццём філаматаў. Гэта былі песні і вершы з нагоды студэнцкіх урачыстасцяў. Тыя творы, што дайшлі да нас, сведчаць пра цудоўны песенны талент паэта. Самы вялікі поспех мелі творы, напісаныя на беларускай мове. Першыя з беларускіх твораў Яна Чачота адносяцца да 1819 года. Гэта жартоўная песня “Да пакіньце горла драць…”, прывітальны верш “На прыезд Адама Міцкевіча” і інш. На беларускай мове Ян Чачот пісаў і пасля разгрому Таварыства філаматаў, у час, калі ён вярнуўся на радзіму з уральскай ссылкі. Гэтыя беларускія вершы ён змясціў у фальклорных зборніках 1844 і 1846 гадоў.
З літаратурнай спадчыны Яна Чачота вялікую ўвагу заслугоўваюць балады, напісаныя ім у 1818-1819 гг. на польскай мове. Гэта – сапраўдныя шэдэўры літаратуры. Да нас дайшлі восем баладаў Яна Чачота: “Бекеш”, “Наваградскі замак”, “Калдычэўскі шчупак”, “Падземны звон на горцы ў Пазяневічах”, Радзівіл, або заснаванне Вільні”, “Узногі”, “Мышанка”, “Свіцязь”. Усе яна напісаны паводле беларускіх народных паданняў. Тры з іх (“Узногі”, “Мышанка”, “Калдычэўскі шчупак”) датычацца менавіта баранавіцкага краю. Надзвычай важную ролю балады Яна Чачота адыгралі ў творчай біяграфіі яго славутага сябра Адама Міцкевіча, які вельмі імі зацікавіўся, — зацікавіўся магчымасцю выкарыстоўваць матывы і вобразы вуснай паэзіі беларускага народа ва ўласнай паэтычнай творчасці.
Шмат зрабіў Ян Чачот і ў беларускай фалькларыстыцы. Гэта быў сапраўдны подзвіг паэта-фалькларыста, які здолеў на працягу 1837-1846 гг. сабраць і выдаць у шасці зборніках беларускія народныя песні «з-пад Нёмана і Дзвіны», а таксама творы іншых жанраў фальклору. Спачатку ён даваў іх у перакладзе на польскую мову, а потым публікаваў у арыгінале, на беларускай мове. Гэтымі зборнікамі ён паказваў свету, якія неацэнныя скарбы мае беларускі народ.
У гонар Яна Чачота ў мінскім раёне Брылевічы названая вуліца. Імя паэта носіць таксама адна з вуліцаў Варшавы. У 1996 годзе ў Новай Мышы быў усталяваны бюст паэта. Таксама ў гонар паэта ўсталяваны помнік у Карэлічах і памятная шыльда ва ўрочышчы Рэпіхава.
Творы Яна Чачота
- Чачот, Я. выбранае : вершы, песні, балады / Ян Чачот.- Мн.: Мастацкая літаратура, 2007.- 190 с.- (Бібліятэка школьніка).
- Чачот, Я. Выбраныя творы / Ян Чачот.- Мн.: МФ “Беларускі кнігазбор”, 1996.- 347 с.- (Беларускі кнігазбор).
- Філаматы і філарэты : зборнік / уклад., пер.польскамоўных твораў, прадмова, біягр. даведкі пра аўт. і камент К.Цвіркі.- Мн.: МФ “Беларускі кнігазбор”, 1998.- 399 с.- (Беларускі кнігазбор).
- Фальклор у запісах Яна Чачота і братоў Тышкевічаў / [уклад., сістэматызацыя тэкстаў і камент. В.І.Скідака, А.М.Хрушчовай].- Мн.: Бел. Навука, 1997.- 342 с.- (Беларуская народная творчасць).
Аб жыцці і творчасці Яна Чачота
- Бароўская, І. «Плакала бяроза ды гаварыла…»: песенная лірыка Яна Чачота / Ірына Бароўская //Роднае слова. № 10. С. 24-27.
- Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — Мінск: Беларуская навука, 2007. С. 187
- Кісялёў, Г. В. Ад Чачота да Багушэвіча. Праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры XIX ст.. — 2-е выданне. — Мінск: Беларуская навука, 2003. — С. 226.
- Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — 320 с.
- Мархель, У. Служэнне ідэалам маладосці: Ян Чачот. Вяртанне спадчыны// Роднае слова. 1996. № 7. С. 21 – 29.
- Петрушкевіч, А. «Толькі Айчына і Зося»: Вершы Яна Чачота да Зосі Малаеўскай/ Ала Петрушкевіч // Роднае слова. № 6. С. 14-16.
- Содаль, У. «Знаць Чачота ўсе павінны…” // Роднае слова. № 7. С. 166 – 169.
- Цвірка, К. Лісце забытых алеяў: эсэ/ Кастусь Цвірка; маст.В.Тарасаў.- Мн.: Мастацкая літаратура, 1993.- 446с.
- Цвірка, К.След на Цаліку: Творчы шлях Яна Чачота/ Кастусь Цвірка // Роднае слова. № 3. С. 16 – 24.
- Цвірка, К. Яркая зорка беларускага адраджэння // Чачот Ян. Выбраныя творы. — Мінск: МФ “Беларускі кнігазбор”, 1996. — 347 с.- (Беларускі кнігазбор).
- Цвірка, К. След на Цаліку: творчы шлях Яна Чачота/ Кастусь Цвірка // Роднае слова. № 3. С. 16 – 24.
- Чаропка, В. Адданы народнай паэзіі // Лёсы ў гісторыі. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 419. — 559 с.