Клышка Міхась Канстанцінавіч
8 ліпеня 2015 г. – 90 гадоў з дня нараджэння Міхася Канстанцінавіча Клышкі (1925–1984), беларускага мовазнаўцы, лексікаграфа
Міхась Канстанцінавіч Клышка нарадзіўся 8 ліпеня 1925 года ў вёсцы Данейкі (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Ад маці, Алесі Сцяпанаўны, вядомай у наваколлі песенніцы, зроблены многія фальклорныя запісы. Міхась Клышка належыць да таго пакалення, якое ці не ўсё палегла ў час Другой сусветнай вайны. Яго малодшы брат Анатоль Канстанцінавіч Клышка (1935) стаў вядомым беларускім крытыкам, празаікам, перакладчыкам, педагогам.
Пасля вызвалення Баранавічаў са жніўня 1944 года Міхась Клышка працаваў карэктарам баранавіцкай абласной газеты “Чырвоная звязда”. У 1958 годзе Міхась Клышка скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў журналістам. У 1967–1981 гадах – рэдактар выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя П. Броўкі”.
Аўтар першага ў беларускай лексікаграфіі «Слоўніка сінонімаў і блізказначных слоў» (1976, 2-е выд. 1993). У ім – каля 1900 сінанімічных радоў (больш за 11 тысяч слоў і выразаў). Спецыфічная асаблівасць слоўніка ў тым, што ён не тлумачыць, не дае характарыстык-вызначенняў сэнсавым адценням слоў у сінанімічных радах, а толькі прыводзіць да кожнага з іх нацвярджальныя цытаты з мастацкай (выкарастаны ілюстрацыйны матэрыял з твораў амаль 150-ці беларускіх пісьменнікаў, пачынаючы ад В. І. Дуніна-Марцінкевіча), навукава-папулярнай і навукавай літаратуры, фальклору, даведачных выданняў, перыядычнага друку. Выкарыстана і тая дыялектная лексіка, якая, на думку аўтара, мае тэндэнцыю быць агульнаўжывальнай, хоць канкрэтны лексічны матэрыял слоўніка гэта не заўсёды нацвярждае. Прыведзена немалая колькасць эмацыянальна-экспрэсіўных фразеалагізмаў.
Зважаючы на практычны характар слоўніка, М. К. Клышка ўключыў у яго дапаможныя часціны мовы – прыназоўнік, злучнікі, чаго няма ў іншых слоўніках сінонімаў. “Слоўнік сінонімаў…” М. К. Клышкі засведчыў развітасць, выключнае багацце нашай мовы, выявіў шчодрую разнастайнасць яе адценняў і нюансаў пры перадачы розных з’яў рэчаіснасці, пачуццяў чалавека, паняццяў, характарыстык, фарбаў і паўтонаў пры апісанні падзей і з’яў, рэчаў, прадметаў, дзей і пераўтварэнняў чалавека і прыроды і г. д. Слоўнік стаў каштоўным дапаможнікам для ўсіх, хто вывучае родную мову, хто карыстаецца яе невычэрпнымі скарбамі вусна і на пісьме.
Міхась Канстанцінавіч Клышка памёр 10 студзеня 1984 года.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай
Працы М. К. Клышкі
- Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў / Міхась Канстанцінавіч Клышка. – Мінск : Беларуская навука, 2005. – 590 с.
- Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў / аўт.-склад. М.К. Клышка. – Мінск : ПУП “Радыёла-плюс”, 2005. – 672 с.
- Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў / Міхась Канстанцінавіч Клышка; [прадмова М. В. Бірылы] ; пад рэд. Л. А. Антанюк. – 2-е выд., выпр. і дап. – Мінск : Вышэйшая школа, – 444, [2] с.
- Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў / Міхась Канстанцінавіч Клышка. – Мінск : Вышэйшая школа, – 592 с.
- Ад мікрачасціцы да галактык : [пра кнігу А. І. Болсуна і Я. Н. Рапановіча “Слоўнік фізічных і астранамічных тэрмінаў” (Мінск: Народная асвета, 1979)] / Міхась Клышка // Беларусь. 1980. № 3. С. 30–31.
Аб жыцці і дзейнасці М. К. Клышкі
- Клышко Михаил Константинович // Республика Беларусь : энциклопедия : в [7] т. Минск, 2007. Т. 4. С. 89.
- Браты Міхась і Анатоль Клышкі // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 122–125.
- Клышка Міхась Канстанцінавіч / І. У. Саламевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 351.
- Клышка Міхась Канстанцінавіч / І. У. Саламевіч // Беларуская мова : энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 263.
- Сцяпко П. Беларускі сінанімічны… : [пра кнігу М. Клышкі «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў»] / П. Сцяпко // Полымя. 1977. № 4. С. 240–244.
- Юрчанка, Г. Невычэрпнае багацце / Г. Юрчанка // ЛіМ. 1969. 16 снежня.
Баранавіцкі раён
Данейкі
Клышка Міхась Канстанцінавіч
юбілей