д. Новая Мышь, ул. Барановичская, 2А

т. +375 (163) 64-25-65, +375 (163) 64-25-66

Директор: Лайша Татьяна Михайловна.

т. +375 (163) 46-19-41

Борьба с коррупцией

Беларусь помнит
Архив новостей

Галубок Уладзіслаў

Уладзіслаў Галубок
(1882 – 1937)
паэт, драматург, празаік, акцёр, рэжысёр, мастак-жывапісец,
народны артыст БССР

Уладзіслаў Галубок

Уладзіслаў Галубок (сапраўднае прозвішча Ўладзіслаў Іосіфавіч Голуб) – адзін з самых выдатных дзеячаў культуры 20-30-х гадоў XX стагоддзя. Гэты чалавек вылучаўся шырынёй сваіх творчых магчымасцей, талентам, незвычайнай працавітасцю, вялікай самаахвярнасцю, самаадданым служэннем беларускаму мастацтву, культуры, народу.

Нарадзіўся Уладзіслаў Галубрк 3 (15) мая 1882 года на станцыі Лясная Баранавіцкага раёна ў сям’і рабочага-чыгуначніка.  У хуткім часе сям’я пераехала ў Мінск, дзе бацька ўладкаваўся на працу ў дэпо. Уладзіслаў скончыў царкоўнапрыходскую школу, вучыўся ў Мінскім гарадскім вучылішчы. Вучобу давялося перапыніць, бо ў 1905 годзе трагічна загінуў бацька. Каб дапамагаць сям’і,  Уладзіславу Галубку давялося ісці працаваць: спачатку грузчыкам на чыгунцы, потым прыказчыкам у магазіне, слесарам у Мінскім лакаматыўным дэпо.

У 1906 годзе ён экстэрнам здаў экзамен за поўны курс гарадскога вучылішча. У гэты час выявіў здольнасці ў музыцы і асабліва ў жывапісе. Далучыўся да беларускага культурна-асветніцкага руху, дзе пазнаёміўся з Я.Купалам, Я. Коласам, М.Багдановічам, З.Бядулем і інш.

Сваю творчую дзейнасць Уладзіслаў Галубок пачаў у 1906 годзе з вершаў і апавяданняў, якія публікаваліся на старонках газет «Наша ніва», «Гоман», часопісе «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь. У 1913 годзе ў Пецярбургу выйшла   першая кніга «Апавяданні», якая з’явілася прызнаннем Галубка як пісьменніка. Акрамя вершаў і апавяданняў, пісаў гумарэскі, імпрэзы, лірычныя абразкі, сатырычныя і жартоўныя замалёўкі. Асноўная сутнасць ранняй прозы Уладзіслава Галубка ў яе народнасці. Каларытнасць твораў адзначаў Максім Багдановіч. Паводле яго ацэнкі, Уладзіслаў Галубок “пісаў бойкія і вясёлыя апавяданні… Мова іх заўсягды жывая, тэмы іншы раз даволі цікавыя”.

Да нацыянальнага беларускага тэатра Уладзіслаў Галубок далучыўся ў 1917 годзе, калі ўзнавіла сваю дзейнасць Першае беларускае таварыства драмы і камедыі. З 1917 па 1920 год ён працуе тут акцёрам і рэжысёрам. З гэтага часу пачынаецца стаўленне У.Галубка як драматурга. Значнае месца ў рэпертуары таварыства займалі яго п’есы,

Летам 1920 года Уладзіслаў Галубок узначаліў Драматычную студыю культурна-асветніцкай арганізацыі “Папараць-кветка” у Слуцку.

У 1920-1922 гг. ён – загадчык мастацкага аддзела ў Народным камісарыяце асветы БССР. Уладзіслаў Галубок – адзін з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра.  У 1920  годзе  стварыў  беларускі  вандроўны  тэатр,  які  называўся  «Трупа

Галубка», або проста “тэатрам Галубка з галубянятамі”.  Гэты тэатр – унікальная з’ява ў гісторыі тэатральнага мастацтва Беларусі. Ён стаў вандроўным не толькі з-за адсутнасці стацыянарнага памяшкання. У аснову яго дзейнасці былі закладзены ідэі Галубка, для якога мэтай, грамадзянскай місіяй было – працаваць, тварыць для пакуль яшчэ зусім не дасведчанага ў сцэнічным мастацтве гледача. Ехаць, ісці, дабірацца да тых, хто яшчэ ні разу не бачыў прафесіянальных спектакляў, жывых акцёраў, несці ім сваё мастацтва, увогуле культуру, асвету, далучаць насуперак жыццёвым нягодам людзей да тэатра, абуджаць у іх любоў і павагу да яго. Толькі ў гэтым бачыў Уладзіслаў Галубок сэнс сваёй творчасці і жыцця. Колькасць спектакляў, дадзеных у правінцыі, вылічвалася сотнямі. За шэсць гадоў іх было паказана 1500. У 1932 годзе театр атрымаў назву Беларускі трэці драматычны тэатр.

Уладзіслаў Галубок напісаў каля 40 п’ес, якія з 1917 года ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў. Сярод іх – «Апошняе спатканне», «Пісаравы імяніны», «Бязвінная кроў», «Залёты дзяка», «Бязродны», «Суд», «Душагубы», «Ганка», «Пан Сурынта», «Плыташны», «Фанатык», «Пінская мадонна», «Белы вянок», «Ветрашны», «Краб», «Белая зброя», «Ліпавічок» і інш. Сюжэты для сваіх твораў ён чэрпаў з гісторыі беларускага народа, фальклорнай спадчыны.

Як акцёр Галубок стварыў на беларускай сцэне шэраг яркіх мастацкіх вобразаў: дзяка («Пісаравы імяніны”), палкоўніка (“Ганка”), ксяндза (“Пінская мадонна”), Сурынты (“Пан Сурынта”), стражніка (“Бязродны”) і інш. У. Галубок выхаваў многіх беларускіх акцёраў: У. І. Дзядзюшка, К. Ф. Быліч, Андрэй Блажэвіч і інш. У трупе Галубка рабіла свае першыя крокі на сцэне адна з найбольш знакамітых беларускіх актрыс Стэфанія Станюта, музычнай часткай кіраваў Нестар Сакалоўскі — аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі;  на скрыпцы граў Міхаіл Лучанок, бацька вядомага кампазітара — Ігара Лучанка. У трупе працавалі і некаторыя беларускія пісьменнікі і паэты, напрыклад, Міхась Васілёк, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі, Алесь Дудар і іншыя.

У 1928 годзе Уладзіславу Галубку, першаму з тэатральных дзеячоў рэспублікі,  было  прысвоена ганаровае званне народнага артыста БССР.

У.Галубок з’яўляецца таксама аўтарам публіцыстычных і тэатразнаўчых артыкулаў. Вядомы ён і як мастак-дэкаратар, пейзажыст (“Раніцай”, “Туман”, На рацэ Бярозе”, “Сож” і інш.). Ён прымаў удзел у рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках. Каля 50 пейзажаў У.Галубка знаходзіліся ў пастаяннай экспазіцыі тэатра.

У 1937 годзе Уладзіслаў Галубок быў беспадстаўна арыштаваны органамі НКУС.

Праз 20 гадоў, 26 жніўня 1957 года, Уладзіслаў Галубок  рэабілітаваны. Падчас рэабілітацыі яго сям’і даслалі даведку, што ён памёр у 1942 годзе ад гіпертаніі, але верагодней усяго жыццё яго абарвалася ў тым жа 1937-м.

Імем Уладзіслава Галубка названыя вуліца мінскага жылога раёна Кунцаўшчына, вуліца ў г.Маладзечне. У 1982 годзе ў Мінску ў Траецкім прадмесці адкрыта «Гасцёўня Уладзіслава Галубка» — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. У экспазіцыі музея прадстаўлены касцюмы з тэатра У. Голубка, фотаздымкі, дакументы, мастацкія творы, афішы тэатра першага народнага артыста Беларусі.   У 1982 годзе рэжысёр  А. Салавей зняў фільм «Владислав Голубок».

На малой радзіме таксама з гонарам ушаноўваецца ягоная памяць. У вёсцы Лясная 26 жніўня 1990 года ўрачыста адкрыты памятны знак з шыльдай. На ёй надпіс: «Уладзіславу Галубку, выдатнаму грамадскаму дзеячу, драматургу, паэту,  актору, мастаку ад удзячных нашчадкаў». Адна з вуліц вёскі таксама носіць імя Уладзіслава Галубка, а ў Ляснянскай сярэдняй школе размешчаны музейны куток, прысвечаны знакамітаму земляку.

____________________________________________________________

15 мая 2017 г. – 135 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Іосіфавіча Галубка (1882–1937),
беларускага тэатральнага дзеяча, драматурга, рэжысёра, акцёра,
дэкаратара, мастака, народнага артыста БССР (1928)

galubok-uladzislau

Уладзіслаў Іосіфавіч Галубок (сапраўднае Голуб) нарадзіўся 15 мая 1882 года на станцыі Лясная пад Баранавічамі Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і чыгуначніка. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Мінску, дзе бацька працаваў слесарам дэпо. Бацька, Іосіф Тамашавіч Голуб, адрозніваўся свабодалюбівымі поглядамі, рана загінуў, засталіся шасцёра дзяцей. Уладзіславу, які быў старшым, давялося рана пачаць працаваць: з трынаццаці гадоў працаваў грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам ў краме, слесарам у дэпо. У 1906 годзе здаў экстэрнам экзамены за курс гарадскога вучылішча.

У чатырнаццаць гадоў Уладзіслаў Галубок упершыню трапіў на тэатральнае прадстаўленне і вырашыў стаць акцёрам. Уладаючы нястомнай энергіяй, ён вучыўся ўсяму, што толькі можна. Іграў на розных музычных інструментах у добраахвотным пажарным таварыстве, браў урокі жывапісу ў мінскіх мастакоў. У 1906 годзе ў газеце «Наша Ніва» былі апублікаваны яго першыя паэтычныя радкі і апавяданне «Апошняя сустрэча». Вялізны ўплыў аказала на яго творчасць сучаснікаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багданавіча. Багаты жыццёвы вопыт, уважлівая ўвага да чалавечых тыпаў і характараў наклалі адпячатак на творчасць Уладзіслава Галубка.

Апавяданні, якія публікаваліся, ён стаў падпісваць пяшчотным імем «Галубак», так яно за ім і засталося. Стварыў чатыры дзесяткі п’ес з жыцця беларускага народа, сярод якіх меладрамы, камедыі, фарсы, вадэвілі. У 1913 годзе ў пецярбургскім выдавецтве Антона Грыневіча выйшаў зборнік «Апавяданні» Уладзіслава Галубка.

Але маладога чалавека нястрымна вабіў тэатр. Восенню 1917 года ў Мінску ствараецца «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», куды У. І. Галубак і з’яўляецца з усёй сваёй сям’ёй і некалькімі сябрамі. Ён актыўна ўключаецца ў дзейнасць тэатра. Піша першыя тры п’есы і ставіць іх, пры гэтым яшчэ і па-мастацку афармляе.

У 1920 годзе адкрыўся Беларускі Дзяржаўны Тэатр. У яго ўвайшла і ўся трупа У. І. Галубка, якая славілася пастаноўкамі вадэвіляў з музыкай і танцамі. У трупе рабіла свае першыя крокі на сцэне адна з славутых беларускіх актрыс Стафанія Станюта; музычнай часткай кіраваў Нестар Сакалоўскі – аўтар музыкi Дзяржаўнага гімна БССР; на скрыпцы іграў Міхаіл Лучанок, бацька кампазітара Ігара Лучанка.

У гэты час У. І. Галубку прапанавалі стварыць і ўзначаліць асобную трупу вандроўнага тэатра. Трупа была невялікая – некалькі сяброў, жонка Ядзвіга і тры дачкі, для якіх пісаліся дзіцячыя ролі. Уладзіслаў Іосіфавіч быў яркім выканаўцам драматычных і характарных роляў: Авечка («Суд»), Сурынта («Пан Сурынта»), Гусак («Дыктатура» Микитенко), Андрон («Мой сябар» Пагодзіна) і інш. Драматургічная, рэжысёрская і акцёрская творчасць У. Галубка з’яўляецца сувязным звяном паміж дарэвалюцыйным і савецкім беларускім тэатрам. Тэатр У. І. Галубка аб’ездзіў усю Беларусь, яго ведалі і  любілі за зыркасць і самабытнасць, гумар і музыку, за сапраўды народны каларыт.

20 снежня 1928 года Уладзіславу Галубку было прысвоена званне народнага артыста БССР. Ён стаў трэцім народным дзеячам, пасля народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, першым народным артыстам Беларусі.

У пачатку 1930-х у вышэйшых эшалонах улады ўзнікла адчуванне «галавакружэння ад поспехаў», што дыялектычна непазбежна прыводзіла да «узмацнення класавай барацьбы», а мастакі, як «адказныя палітработнікі»,  павінны былі быць на пярэднім краі. У 1933 годзе Беларускі драматычны тэатр-3, які ў 1932 годзе зрабілі аседлым і перадыслацыравалі ў Гомель, ставіць п’есу «Белая зброя», якая расказвала аб шкодніцкай дзейнасці «ворага народа» на адным з заводаў. У 1935 годзе выходзіць апошняя п’еса У. Галубка «Рыкашэт».

У 1937 годзе БДТ-3 быў расфарміраваны. У жніўня 1937 года У. І. Галубок быў абвінавачаны ў нацыяналізме і арыштаваны. Пры вобыску забралі ўсе рукапісы, тэатральны рэквізіт, дэкарацыі, малюнкі. Пацярпела ўся яго сям’я. Дачку Багуславу адправілі ў калгас «перавыхоўвацца», малодшых сыноў выключылі з камсамола як дзяцей «ворага народа».

Уладзіслаў Іосіфавіч Галубок быў расстраляны 28 верасня 1937 года. Вярхоўным судом БССР пасмяротна рэабілітаваны 26 жніўня 1957 года.

Яго імем названы вуліцы ў Мінску i Баранавічах. У Слуцкім Доме культуры працуе народны тэатр імя У. Галубка. 26 жніўня 1990 года на радзіме ў в. Лясная адкрыты памятны знак, у мясцовай сярэдняй школе створаны музейны куток У. Галубка. У Мінску ў Траецкім прадмесці ў 1990 годзе адкрыта «Гасцёўня Уладзіслава Галубка», філіял Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. 8–10 снежня 1995 года ў Баранавічах праводзіўся рэспубліканскі фестываль аматарскіх тэатраў «Гасціны ў Галубка».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Баранавіцкай цэнтральнай
раённай бібліятэкай. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

Творы У. І. Галубка

  1. Расстраляная літаратура : творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. : Л. Савік і інш.; прадм. А. Сідарэвіча ; камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мiнск : Кнiгазбор, 2008. – 692 с. – (Беларускi кнiгазбор). – Са зместу: У. Галубок. Сярмяжнік; Сын вёскі : апавяданне; Усё аб тым жа. С. 45–51.
  2. Апошняе спатканне : вершы, апавяданні, п’есы : для сярэд. і ст. шк. узросту / Уладзiслаў Галубок. – Мiнск : Мастацкая лiтаратура, 2007. – 270 с. – (Бiблiятэка школьнiка).
  3. Язэпавы сыны : апавяданне / Уладзіслаў Галубок // Спадчына. 2002. № 1. С. 137–140.
  4. Пісаравы імяніны : [п’еса] / Уладзіслаў Галубок // Беларуская камедыя : [зборнiк]. Мiнск, 2000. С. 45–51.
  5. П’есы XIX – пачатку XX ст. : для сярэд. і ст. шк. ўзросту / склад. Я. Саламевич. – Мiнск : БелЭн, 1998. – (Школьная бiблiятэка). – Са зместу: У. Галубок. На Купалле.
  6. Чакай, браце!.. ; Сярмяжнік ; Будучыня ; «Хачу мець зямельку і мру без работы…» ; Беларуская марсельеза : [вершы] / Уладзіслаў Галубок // Анталогія беларускай паэзіі : у 3 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 480–484.
  7. Творы : драматургiя, паэзiя, проза, публiцыстыка / Уладзiслаў Галубок ; уклад., падрыхт. тэкстаў, уступ. арт. i камент. С. С. Лаўшука. – Мiнск : Мастацкая лiтаратура, 1983. – 607 с.
  8. Пісаравы імяніны : [п’еса] / Уладзіслаў Галубок // Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мінск, 1978. С. 515–530.
  9. П’есы / Уладзіслаў Галубок ; [пасляслоўе А. Атрошчанкі]. – Мінск : Беларусь, 1968. – 152 с.: іл. – (Б-ка беларускай драматургіі). – Змест: Суд; Пісаравы імяніны; Ганка.

 

Аб жыцці і дзейнасці У. І. Галубка

  1. Галубок (сапр. Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч / А. В. Сабалеўскі // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, Т. 2. С. 488–489.
  2. Уладзіслаў Галубок // Беларускія пісьменнікі (1917–1990): даведнік /   склад. А. К. Гардзіцкі. Мiнск : Мастацкая літаратура, 1994. С. 118–119.
  3. Галубок Уладзіслаў / А. А. Майсейчык // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 97–100.
  4. Галубок Уладзіслаў Іосіфавіч / А. В. Сабалеўскі // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 20–21.
  5. Валахановіч, А. Уладзіслаў Галубок: першы народны артыст БССР / Анатоль Валахановіч. – Мінск : Харвест, 2013. – 64 с. – (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры).
  6. Атрошчанка, А. Уладзiслаў Галубок / Аляксей Атрошчанка. – Мінск : Навука i тэхнiка, 1969. – 146 с.: іл.
  7. Адхiнуўшы заслону часу… : Успамiны пра Уладзiслава Галубка / пад рэд. Л. Александроўскай, А. Звонака, У. Няфёда i iнш. ; склад. Г. Марук. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. – 128 с., іл.
  8. Курков, И. Н. Театр белорусского Шекспира ; Забытая пьеса классика : [о пьесе В. Голубка «Пинская мадонна» (1927)] // Курков, И. Н. Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Курков. Минск, 2005. С. 213–219.
  9. Марціновіч, А. Зерне ад зерня : гісторыя ў асобах : эсэ, нарысы : [узгадваецца У. Галубок] / А. Марцiновiч. – Мiнск : Юнацтва, 1996. – 366 с., іл.
  10. Карабанава, Л.В. Драматургiя Уладзiслава Галубка / Любоў Васільеўна Карабанава ; рэд. В. В. Барысенка. – Мiнск : Навука i тэхнiка, 1982. – 127 с.
  11. Рамановіч, Я. С. Знаёмыя сілуэты : старонкі ўспамінаў : [узгадваецца У. Галубок] / Яўген Рамановіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1974. – 158 с.
  12. Берасцень, С. Незабытны Галубок / Святлана Берасцень // ЛіМ. 2012. 18 мая (№ 20). С. 1.
  13. Врублеўская, Н. Яркі талент Уладзіслава Галубка / Н. Врублеўская // Наш край. Барановичи, 2012. 15 мая (№ 52). С. 1, 4.
  14. Антановіч, К. Дом Галубка : штрыхі да партрэта / Кастусь Антановіч // Культура. 2012. 12 мая (№ 19). С. 14.
  15. Рагаўцоў, В. Каламбуры ў п’есах Уладзіслава Галубка / В. Рагаўцоў // Роднае слова. 2012. № 5. С. 38–42.
  16. Шумская, К. Быў такі Артыст / К. Шумская // ЛіМ. 2011. 4 лістапада (№ 44). С. 19.
  17. Глазов, В. Владислав Голубок из Барановичей был первым Народным артистом БССР / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2011. № 3. С. 32.
  18. Шніп, В. А. Балада Уладзіслава Галубка : балада / В. А. Шніп // Шніп, В. А. Проза і паэзія агню : вершы, аповесць, эсэ / В. А. Шніп. Мінск : Мастацкая літаратура, 2010. С. 70.
  19. Гарадніцкі, Я. А. Паэзія драматурга : [У. Галубка] / Яўген Гарадніцкі // Маладосць. 2012. № 7. С. 74–78.
  20. Сабалеўскі, А. Тэатр Уладзіслава Галубка : [творчы лёс У. Галубка] / Анатоль Сабалеўскі // Роднае слова. 2007. № 5. С. 76–80.
  21. Лаўшук, С. Паплечнік волатаў беларускай культуры / С. Лаўшук // ЛіМ. 2007. 28 снежня (№ 52). С. 14.
  22. Макарцоў, М. Наш першы народны артыст : Да 125-годдзя з дня нараджэння У. Галубка / Мiкалай Макарцоў // Культура. 2007. 19–25 мая. С. 14.
  23. Зарэцкая, В. З кагорты першых : Да 125-годдзя Уладзіслава Галубка / Вера Зарэцкая // Народная трыбуна. 2007. 12 мая. С. 10.
  24. Варэнiк, Ж. Часу не сцерцi фарбаў : [пра ўрачыстасць да 120-годдзя з дня нараджэння У. Галубка ў Баранавіцкай раённай бiблiятэцы] / Ж. Варэнiк // Наш край. Барановичи, 2002. 15 июня. С. 5.
  25. Бур’ян, Б. Агністы шлейф чароўнага святла / Барыс Бур’ян // ЛіМ. 2002. 14 чэрвеня (№ 23–24). С. 15.
  26. Завадская, І. Яму не было замены… / Ірына Завадская // Роднае слова. 2002. № С. 72–76.
  27. Ціхановіч, В. Уладзіслаў Галубок – мастак / Вольга Ціхановіч // Беларуская мова і літаратура ў школе. 2002. № 5. С. 76–86.
  28. Чыгір, Г. Вялікі перасмешнік : да 120-годдзя з дня нараджэння Уладзіслава Галубка / Г. Чыгрын // Народная газета. 2002. 17 мая (№ 105–106). С. 14.
  29. Яскевич, С. Отыскать свою «папараць-кветку» не успел первый народный артист нашей республики : к 120-летию со дня рождения Владислава Голубка // Заря. 2002. 16 мая (№ 53). С. 4.
  30. Каткова, Л. Невядомыя дакументы сям’і Голуба : [да 120-годдзя з дня нараджэння першага народнага артыста Беларусі У. Галубка] // Культура. 2002. 11–17 мая (№ 18). С. 14.
  31. Грынчанка, А. «Напісанае засталося, зробленае не забыта…» : [пра У. Галубка] / Аксана Грынчанка // Intex-press. Барановичи, 16 мая. C. 4.
  32. Сакалова, І. Уладзіслаў Галубок : гадзіна беларускага мастацтва (для старэйшага школьнага ўзросту) / І. Сакалова // Бібліятэка прапануе. 2000. № 1. С. 4–6.
  33. Смольскі, Р. Тэатр у прасторы часу : мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, творчыя партрэты / Рычар Смольскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1998. – 255 с. – Са зместу: [У. Галубок]. С. 195–200.
  34. Макарцоў, М. Галубок паклікаў у дарогі : [пра рэспубліканскі фестываль аматарскіх тэатраў «Гасціны ў Галубка»] / Мікалай Макарцоў // Тэатральная творчасць. 1996. № 3. С. 31–35.
  35. Шуканаў, М. Е. Міровіч і У. Галубок на Жлобіншчыне / М. Шуканаў, // Новы дзень. Жлобін, 1995. 5 жніўня.
  36. Чыгрын, С. Уладзіслаў Галубок на слонімскай сцэне : [аб прэм’еры спектакля «Каханне з падманам» па п’есе У. Галубка «Ветрагоны» у Слонімскім народным тэатры імя У. Галубка. Рэжысёр М. Варвашэвіч] / С. Чыгрын // Голас Радзімы. 1995. 27 красавіка. С. 6.
  37. Равуцкі, М. Дзякуй, Галубок! Да сустрэчы, Буйніцкі! : [пра рэспубліканскі фестываль аматарскіх тэатраў «Гасціны ў Галубка»] / М. Равуцкі // Культура. 1995. 20–26 снежня (№ 48). С. 4–5.
  38. Замкавец, У. Жыццё і смерць Уладзіслава Галубка / У. Замкавец // Прысуд адменены. Брэст, 1993. С. 55–65.
  39. Память не расстрелять… : [в д. Лесная Барановичского района открыт памятный знак народному артисту БССР В. Голубку] / фото В. Яковенко // Заря. 1990. 27сентября.
  40. Бернат, М. Дзядзька Галубок / М. Бернат // Знамя коммунизма. Барановичи, 1990. 31 августа.
  41. Бернат, М. Нашчадкі помняць землякоў : [аб У. Галубку] / М. Бернат // Знамя коммунизма. Барановичи, 1990. 28 августа.

 

 

Баранавіцкі раён
Лясная
Галубок Уладзіслаў Іосіфавіч
юбілей

БиблиоТВ

Спадчына
ПнВтСрЧтПтСбВс
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси
Сводный электронный каталог библиотек Брестской области
Яндекс.Метрика